ДРУГА́Я УСТА́ЎНАЯ ГРА́МАТА да народаў Беларусі,

юрыдычны і паліт. акт, выдадзены 9.3.1918 Выканаўчым камітэтам рады Усебеларускага з’езда ў Мінску. Беларусь абвяшчалася Беларускай Народнай Рэспублікай (БНР). Канстытуцыйны лад БНР закладваўся як дэмакр., парламенцкай і прававой дзяржавы. Да склікання Устаноўчага Сойма заканадаўчая ўлада ў БНР перадавалася радзе Усебел. з’езда, выканаўчая — Народнаму сакратарыяту Беларусі. Грамадзянам БНР гарантавалася свабода слова, друку, сходаў, забастовак, паліт., прафесійных і культ. арг-цый, свабода сумлення, недатыкальнасць асобы і жылля. Народам БНР прадастаўлялася права на нац.-персанальную аўтаномію, іх мовы абвяшчаліся раўнапраўнымі. Касавалася прыватная ўласнасць на зямлю, якая без выкупу перадавалася тым, хто на ёй працуе; лясы, азёры і нетры абвяшчаліся ўласнасцю дзяржавы.

Аднак у дакуменце не вызначаліся дакладныя тэр. дзяржавы і характар адносін БНР з інш. дзяржавамі. У выніку ўнутр. барацьбы ў кіраўніцтве БНР, Беларускай сацыялістычнай грамадзе і пад уздзеяннем знешніх абставін Рада БНР вымушана была прыняць Трэцюю Устаўную грамату.

А.М.Сідарэвіч.

т. 6, с. 215

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)